Ксёндз Віталій у Талачыне адчувае сябе сваім на раней невядомай яму зямлі
Прыход касцёла святога Антонія ў Талачыне ўзначальвае ксёндз Віталій. З верасня мінулага года Віталій Янкевіч у нашым горадзе, хоць да гэтага ён, ураджэнец Гродзеншчыны, ніколі не бываў ва ўсходняй частцы Беларусі.
Каталіцкая царква — другая па велічыне рэлігійная канфесія ў краіне. Яна налічвае каля 1,4 млн. прыхаджан. У Віцебскай дыяцэзіі налічваецца 137 прыходаў, 151 тысяча вернікаў. 10% насельніцтва ў Беларусі адносіць сябе да каталіцкага веравызнання, 80% лічаць сябе праваслаўнымі.
Ён з дзяцінства знаходзіўся ў асяродку веры, наведваў касцёл Святой Тройцы ў родных Германішках, даязджаў з маці да Свята-Троіцкай царквы ў Вільнюсе, дзе пакланяўся Вострабрамскай іконе Багародзіцы. У 19 год адчуў у сваім сэрцы жаданне стаць святаром пад уздзеяннем слова святароў-палатынцаў, якое гучала ўжо ва ўсю сілу ў іх храме на пачатку 90-х гадоў. Бачыў, як палатынцы шчыра акружалі ўвагай тых, хто трапляў у няпростыя жыццёвыя абставіны, аказвалі рэальную падтрымку і дапамогу людзям. Гэтае і стала тым зернеткам, якое прарасло ў сэрцы і перарасло ў жаданне стаць адным з іх. Але найперш вера да яго прыйшла з верай бацькоў, якія вучылі яго малітвам, добрым учынкам.
Пасля школы паступіў у духоўна-манаскую семінарыю ў Польшчы. Закончыў семінарыю ў 2004 годзе і на працягу чатырох год займаўся служэннем Богу на Гродзеншчыне. Затым быў адкліканы ў Мінск арганізоўваць новы прыход у Фрунзенскім раёне.
Праз пэўны час вяртаецца на служэнне ў Польшчу. Прабыванне ў гэтай краіне прадоўжыла тое духоўнае развіццё ксяндза Віталія і тую немалую фізічную працу, якія былі нязменнымі яго спадарожнікамі падчас вучобы ў семінарыі ў г. Ажаруў Пазавецкі пад Варшавай. Шмат у гэтым развіцці дало не толькі вывучэнне розных моў, літаратуры, гісторыі, філасофіі, а таксама метафізікі (семінарыя з’яўляецца структурным падраздзяленнем Варшаўскага ўніверсітэта), а і ўзаеміны са студэнтамі з розных краін, людзьмі рознага ўзросту. Праз усё гэтае — працу, вучобу, спорт, радасці і сум — яны сталі блізкімі адно аднаму на ўсё жыццё. Не парушаюць традыцыю — збіраюцца амаль штогод у сваёй альма-матэр і зараз.
Пазнанне польскай культуры, экскурсіі і вандроўкі па краіне самым лепшым чынам спрыялі таксама духоўнаму, інтэлектуальнаму развіццю. Дарэчы, студэнты ўніверсітэта, розных факультэтаў, пры жаданні могуць наведваць заняткі ў семінарыі, а семінарысты — слухаць лекцыі па розных прадметах ва ўніверсітэце. Пры семінарыі дзейнічае свой тэатр. Ён адкрыты для наведвання ўсім жадаючым, а семінарысты-акцёры гэтым самым папаўняюць грашовы рахунак сваёй установы.
Каб не стаяць на месцы, заўважыў ксёндз Віталій, свае веды і вопыт трэба папаўняць усё жыццё. Трэба ставіць сябе ў пэўныя абставіны, тады будуць нараджацца думкі, будзеш задумвацца над яшчэ непазнаным. Так у рэшце рэшт ён прыйшоў да высновы адмовіцца ад натуральнай, зямной сям’і, стаў манахам, каб служыць Богу, узяўшы абавязак пастаянна маліцца за людзей, служыць касцёлу і прыхаджанам. Гэтае яшчэ і адказнасць за прызванне, якое ён адчуў у сабе да моманту паступлення ў семінарыю.
Выконваючы сваю місію, атрымлівае ад гэтага задавальненне, таму цалкам унутрана свабодны. Без ахвярнасці, перакананы ксёндз Віталій, няма веры.
У нашым горадзе, сярод яго людзей, адкрытых, шчырых, адчувае сябе сваім на раней невядомай яму зямлі.
Сустракаецца з людзьмі, моладдзю, ведае, чым яны жывуць, што хвалюе. У сваю будучыню, дзяцей, лічыць, трэба ўносіць уклад і сям’і, і грамадству. У здаровай сям’і найперш павінны быць праца, духоўнасць, тады ў дзіцяці народзяцца правільныя адносіны да ўсяго ў жыцці.
У сям’і бацькоў іх было трое, і кожны ведаў, што яму трэба рабіць. У вёсцы інакш не жылі. У горадзе, дзе каля дома няма і кавалачка зямлі, павінны быць у дзіцяці іншыя абавязкі.
Ксёндз Віталій падзяліўся, як добра сябе адчувае і зараз, калі робіць на зямлі. З працы сваіх рук пакаштаваў ужо раннюю гародніну.
Беражліва захоўвае памяць аб ксяндзах, сваіх папярэдніках, прадаўжае іх лепшыя пачынанні, да прыкладу, ксяндзоў Уладзіміра, Кшыштафа, Станіслава…
У падрыхтоўцы да пропаведзі дапамагае яму пастаяннае чытанне, знаёмства з рознымі аўтарамі — рускімі, польскімі, беларускімі. Мэтай касцёла застаецца, каб людзі маліліся на сваёй роднай мове. Дазваляе гэтае рабіць тое, што літургічныя кнігі пераведзеныя на беларускую мову. Каб быць жывою, яна павінна гучаць. І тут, у Талачыне, пад скляпеннем касцёла, яна і гучыць. Гэта, перакананы ён, частка нашае культуры.
Ксёндз Віталій падрабязна прыпыніўся на нездаровым захапленні сённяшніх дзяцей гаджэтамі, іх шкодным уздзеянні на псіхіку і маторыку дзяцей, на памяць і разумовую дзейнасць, на аказанні дапамогі хворым людзям, жыхарам раёна, якіх ён асабіста наведвае, падтрымлівае.
На ўсе пытанні ў даверлівым, шчырым дыялогу мы атрымалі поўныя адказы, агучылі і тыя праблемы, у прыватнасці стану могілак, якія патрабуюць да сябе ўвагі, у пэўным сэнсе і сумеснага супрацоўніцтва па розных пытаннях культуры і духоўнасці, маральнага выхавання чалавека.
Віктар БІРУКОЎ.
Ксёндз Віталій у Талачыне адчувае сябе сваім на раней невядомай яму зямлі,
У Цветаевой была строка: «Уж сколько их упало в эту бездну…».