“Ёлка-фэст 2017″: шматлюдным і стракатым карагодам стартавалі ў Талачыне навагоднія забавы (+фота)
У прызначаны час па прывычным маршруце, ад аўтастанцыі да цэнтра горада, стартавала ў мінулую суботу шэсце доўгачаканых навагодніх персанажаў — Дзядоў Марозаў і Снягурак з розных куткоў раёна. Хто загадзя ведаў пра гэтае мерапрыемства і змог прыйсці на яго, той ужо стаяў з камерай ці смартфонам напагатове, каб захаваць для сябе часцінку свята, а таксама, напэўна, пахваліцца сябрам у сацыяльных сетках: я бачыў талачынскі “Ёлка-фэст 2017″.
Многія прыйшлі з дзецьмі ці ўнукамі — і правільна зрабілі, бо тым самым падарылі ім некалькі незабыўных імгненняў і яскравых уражанняў. Пасля завяршэння шэсця і прывітальнага слова намесніка старшыні райвыканкама Галубковай І. С. на плошчы перад райвыканкамам пачаўся раённы агляд-конкурс сюжэтна-гульнявых праграм “Навагодняя феерыя”. Яго ўдзельнікі разыгрывалі тэатралізаваныя сцэнкі, заклікалі дзяцей у карагод, запрашалі прыняць удзел у рухавых гульнях, прапаноўвалі расказаць верш і атрымаць за гэта пачастунак.
Кожны працоўны калектыў, які прыняў удзел у аглядзе-конкурсе (гэта былі пераважна ўстановы культуры), пастараўся забяспечыць сваю каманду арыгінальнымі касцюмамі і прыдумаць для яе цікавы рэпертуар. Праўда, у некаторых паўтараліся гульні і фанаграмы, што сведчыць пра выкарыстанне нейкіх адных і тых жа крыніц пры падрыхтоўцы праграмы, але дзеці не гублялі энтузіязм і не стамляліся ўдзельнічаць нават у знаёмых гульнях зноў і зноў.
Некаторыя ўдзельнікі конкурсу выкарыстоўвалі астралагічныя матывы — уводзілі ў свой сцэнарый Пеўня і Сабаку як гаспадароў мінулага і будучага гадоў. Удалыя, выразныя касцюмы стварылі для гэтых персанажаў прадстаўнікі раённай бальніцы (дарэчы, без верхняй вопраткі, таму артысты малайцы ўдвая, што не пабаяліся выступаць у такім выглядзе пры мінусавой тэмпературы). Рознакаляровы, яркі Певень і сімпатычны, добразычлівы Сабака з ліловым бантам на галаве выклікалі вялікую прыхільнасць публікі, асабліва дзіцячай. Нездарма гэтаму калектыву па выніках агляду-конкурсу быў уручаны дыплом глядацкіх сімпатый.
Трэцяе месца занялі прадстаўнікі Славенскага СДК, другое — Райцаўскага, а першае — Коханаў-скага ГПДК. Артысты з Коханава разыгралі сюжэт з хваробаю і выздараўленнем Дзеда Мароза, якога ў пачатку свайго выступлення прывезлі на медыцынскай каталцы.
Старт навагоднім забавам дадзены. Ранішнікі ва ўстановах адукацыі, масавыя гулянні на вуліцы і сямейныя дома, у вузкім коле, калядныя забавы на працягу бліжэйшых тыдняў стануць неад’емнай часткай нашага жыцця, зараджаючы ўсіх энергіяй, аптымізмам, настройваючы на пазітыўны лад.
Сяргей АБРАМОВІЧ.
Программа новогодних мероприятий
"Ёлка-фэст 2017": шматлюдным і стракатым карагодам стартавалі ў Талачыне навагоднія забавы (+фота),